Так назвала запамінальныя сустрэчы ў сталіцы настаўніца СШ №2 г. Лунінца Наталья Валер’еўна Харытановіч, якая расказала:
–Беларускі фонд культуры запрасіў педагогаў, біліятэкараў, журналістаў на ўрачыстасць, дзе былі адзначаны пераможцы рэспубліканскага краязнаўчага конкурсу “Славутыя імёны маёй малой радзімы”. Узнагароды ўручаў старшыня БФК Тадэвуш Іванавіч Стружэцкі, якога з радасцю павітала духмяным караваем з лунінецкай зямлі. Сярод заснавальнікаў творчага спаборніцтва была газета “Звязда” – шмат “інфармацыі для развагі” даў удзельнікам галоўны рэдактар Павел Якаўлевіч Сухарукаў. Уручаны яму лунінецкі сувенір з юбілейнай сімволікай, спадзяюся, будзе выклікаць у сталічных журналістаў пазітыўныя адносіны да нашага раёна. Пашчасціла і на знаёмства з вядомым беларускім пісьменнікам Анатолем Іванавічам Бутэвічам. Чытаем яго творы, раім вучням ажыццяўляць адкрыцці Беларусі праз яго кнігі. Асабістыя ўражанні ўзбагацяць успрыняцце творчасці гэтага аўтара.
Імпрэза адбывалася ў Нацыянальным гістарычным музеі. Яго дырэктару Паўлу Міхайлавічу Сапоцьку ўручана кніга “Лунінецкая памяць. Дадатак 6. Мелясніца: погляд з Грані” (складальнік Таццяна Васільеўна Канапацкая). Выданне адметнае не толькі тым, што адлюстроўвае малую радзіму маіх продкаў, але і тым, што ў стварэнні кнігі прымала ўдзел намеснік дырэктара нашай школы Наталля Вітальеўна Бойка... Скарысталася магчымасцю наведаць некалькі выстаў галоўнейшага сховішча даўніны. Самае вялікае ўражанне пакінуў экспазіцыйны праект “Беларусь: адраджэнне духоўнасці”.
Амаль 25 год выкладаю беларускую мову і літаратуру, але ўпершыню пабывала ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Дакрануцца да тых жа дзвярэй, якія адкрываў нацыянальны класік; павесіць куртку на тую ж вешалку, што засталася ад гаспадара дома і вось ужо 60 год трымае адзенне гасцей… Гэтыя пачуцці не перадаць некалькімі словамі. Яшчэ больш эмоцый выклікала экскурсія па музеі: пакоі, дзе жыў народны пясняр, рэчы, якімі ён карыстаўся… Больш за ўсё ўзрушана сустрэчай з нявесткай і ўнучкай Якуба Коласа – Аляўціна Цімафееўна і Вера Данілаўна Міцкевічы неаднаразова наведвалі Лунінец, захавалі добрыя ўспаміны аб нашым горадзе і яго жыхарах.
Захопленая зносінамі з асобамі, якія належаць да творчай эліты краіны, мару і сваіх вучняў пазнаёміць з вечнымі каштоўнасцямі. Упэўнена, што адміністрацыя школы падзяляе нашы імкненні, як цяпер падтрымала маю паездку.
Запісала Таццяна ВАСІЛЬЕВА. Фота аўтара.
Новость на сайте Союза писателей Беларуси:
http://www.oo-spb.by/index.php?id=1663