ШКОЛЕ – ТВОРЧАСЦЬ
Вучань – на ўзроўні навукоўца!
Такую высокую ацэнку атрымала 11-класніца СШ №2 г. Лунінца Кацярына Хартановіч.
Сваё даследаванне яна прадставіла на XI Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Устойлівае развіццё: рэгіянальныя аспекты”, што 24-26 красавіка адбылася на факультэце інжынерных сістэм і экалогіі БрДТУ. Удзел у ёй прынялі студэнты, магістранты, аспіранты, маладыя навукоўцы ва ўзросце да 30 год з Беларусі, Казахстана, Літвы, Украіны і Расіі. Са 170 чалавек толькі трое з’яўляліся школьнікамі, у тым ліку – юная лунінчанка!
Трыяда поспеху
Гэты навучальны год быў вельмі плённым для Кацярыны, якая актыўна ўдзельнічала ў рабоце шэрагу навуковых сустрэч. Дыпломамі I ступені яе даследаванне было адзначана на раённай і абласной НПК “З навукай у будучыню” (снежань, Лунінец і студзень, Брэст); Дыпломам II ступені – на XXVI абласным конкурсе навуковых эколага-біялагічных работ (снежань, Брэст); пахвальным водгукам – на XXIII рэспубліканскім конкурсе прац даследчага характару вучняў па вучэбных прадметах (люты, Мінск); Дыпломамі – на конкурсе даследчых работ “Ад школьнага праекта да прафесійнай кар’еры” (снежань, Брэст) і на VI рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі маладых навукоўцаў “Прырода, чалавек і экалогія” (сакавік, Брэст). Вытрымаўшы адборачны тур, Кацярына ўдзельнічала ў рэспубліканскіх конкурсаў: навуковых эколага-біялагічных работ (люты, Мінск) і водных даследчых праектаў (сакавік, Мінск).
Намеснік дырэктара Наталля Вітальеўна Бойка падкрэслівае:
–Навуковы кіраўнік паспяховай працы – неабыякавы настаўнік біялогіі Ніна Сямёнаўна Ільючык. Безумоўна, важная зацікаўленасць самой Кацярыны ў правядзенні і абароне даследавання. Але неабходна адзначыць і ролю бацькоў дзяўчынкі, якія падтрымлівалі дачку на кожным кроку яе навуковых спроб.
Рыбаловы, звярніце ўвагу!
Што датычыць канферэнцыі, з якой пачалі паведамленне, то міжнароднае журы ўзнагародзіла юную лунінчанку і за арыгінальную прэзентацыю, і за лепшы даклад. Нават назва навуковай працы – “Інтэнсіўнасць забруджвання 137Сs рыб віду карась сярэбраны ў вадаёмах Лунінецкага раёна” – сведчыць аб яе важным практычным значэнні.
Дзяўчынка вывучала радыеактыўнае забруджванне рыб на тэрыторыі, што пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС і мае розны яго ўзровень. Нягледзячы на радыелагічны маніторынг і актыўнае інфармаванне, аматарская лоўля рыбы не змяншаецца, а значыць – праблема магчымасці выкарыстання “дароў рэчак і сажалак” у ежу застаецца па-ранейшаму актуальнай. Атрыманая інфармацыя аб лакалізацыі 137Сs ў целе рыбы і спосабах яе апрацоўкі для зніжэння ўтрымання радыенуклідаў можа выкарыстоўвацца для асветніцкай працы сярод насельніцтва, якое пражывае ў населеных пунктах на забруджаных тэрыторыях.
Устаноўлена: чым вышэй забруджванне мясцовасці, на якой размешчаны вадаём, тым вышэй узровень удзельнай актыўнасці 137Сs у рыбе. Характэрна нераўнамернае размеркаванне радыёцэзію па органах і тканінах рыбы, а паўплываюць на яго спосабы кулінарыі. Тэрмічная апрацоўка рыбы памяншае ўзровень радыеактыўнага забруджвання. Пры варэнні рыбы ў вялікай колькасці вады да 40% 137Сs пераходзіць у адвар.
Вось такое ў нас разумнае пакаленне – дзеці даюць парады дарослым, як засцерагчы сябе ад нябачнай небяспекі.
З сямі тэматычных напрамкаў канферэнцыі Кацярына Хартановіч выбрала секцыю “Экалогія і стан навакольнага асяроддзя”. Тут былі прадстаўлены 59 дакладаў. Дыпломамі адзначаны тры, у ліку якіх – і навукова-даследчая праца лунінецкай школьніцы.
Таццяна КАНАПАЦКАЯ.