ЮБІЛЕЙ
“Сэрца пакідаю вам…”
Запавет народнага песняра ў яго юбілейны год прасякаў сустрэчы ў рамках традыцыйнай праграмы “Лунінецкія Каласавіны”, што ладзілася ў 32-гі раз.
Сярод ганаровых гасцей літаратурнага свята была ўнучка Якуба Коласа Вера Данілаўна Міцкевіч, якую добра ведаюць у шэрагу ўстаноў адукацыі раёна. Упершыню знаёміліся са школамі горада старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Анатольеўна Дземідовіч і пісьменнік Анатоль Арцёмавіч Брытун, хаця наш край вядомы ім па наведванню літаратурнага фестывалю “Лунінская восень”.
Адметнае месца горада – СШ №1 г. Лунінца. Раней тут знаходзілася пачатковае народнае вучылішча, дзе 110 год таму Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч “рэпетыраваў” дзяцей мясцовых чыгуначнікаў. З дапамогай педагогаў вучні нагадалі аб тагачасных падзеях, а элементы тэатралізацыі дазволілі “самому” класіку нацыянальнай літаратуры пачуць свае творы ў выкананні юных сучаснікаў.
Да коласаўскіх адрасоў Лунінца (захаваліся некалькі будынкаў, дзе ў свой час апальнага настаўніка К.М. Міцкевіча прымалі сваякі яго сакурсніка Вікенція Антонавіча Філіповіча) дадалася СШ №2 г. Лунінца. У праекце “Літаратурная Лунінеччына”, што педагогі і вучні ствараюць разам з рэдакцыяй раённай газеты “Лунінецкія навіны”, адзін са стэндаў адлюстроўвае старонкі біяграфіі народнага песняра і творчых асоб, якія мелі стасункі з класікам нацыянальнай літаратуры.
Школа сустракала музычным прывітаннем вакальнага ансамбля “Планета дзяцей”, вершамі юных паэтаў, філалагічнай экскурсіяй. Да гасцей з Мінска і Брэста далучыліся настаўнікі-беларусазнаўцы з лунінецкіх гімназіі, СШ №3 і №4, школ Багданаўкі і Сінкевічаў. Яны набылі кнігу “Табой я жыў. Табой жыву…”, прысвечаную жонцы Якуба Коласа – Марыі Дзмітрыеўны Каменскай, якая аказала велізарны ўплыў на станаўленне мужа як творцы. Прыгожа аформленае выданне, што называюць “падручнікам сямейнага выхавання”, стала больш каштоўным дзякуючы аўтографу Веры Міцкевіч – разам са сваёй пляменніцай Васілінай Міцкевіч (праўнучкай народнага песняра) яна была складальніцай чарговай навінкі ад РВУ “Выдавецкі дом “Звязда”.
Анатоль Брытун, які прысвячае свае творы шанаванню каштоўнасцей роду і нацыі, да гэтага заклікаў і рознаўзроставую аудыторыю. Таццяна Дземідовіч шчыра захаплялася юнымі і дарослымі лунінчанамі, якія занатоўваюць адметнасці малой радзімы як значнай часткі духоўна-літаратурнага багацця Беларусі.
Сімвалічна, што “Лунінецкія Каласавіны” праводзіліся напярэдадні прафесійнага свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Стварыўшы гімн “Новай зямлі”, Якуб Колас перадаў нашчадкам столькі любові, што застаецца ўсвядоміць: толькі аддаўшы справе свае сэрца, зможаш пакінуць дабратворны след, уславіць “родны кут”, дзе Богам было наканавана нарадзіцца.
Восеньскія кветкі ўскладзены да помніка Якубу Коласу з удзячнасцю за вечную простую ісціну, увасобленую паэтычным радком: “Зямля – аснова ўсёй Айчыне”…
Таццяна Канапацкая (Лунінец). Фота Таццяны Канапацкай (Дзятлавічы).
Творчыя спадчыннікі
На ўрачыстасці ў СШ №2 г. Лунінца выступілі ўдзельніцы раённага конкурсу вершаў, прысвечаных 140-годдзю Якуба Коласа, – дзве вучаніцы 6 “Д” класа, выхаванкі настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Святланы Мікалаеўны Кузьміч.
Аляксандра Ярмац
Прысвячэнне Песняру
Наша Беларусь на таленты багата,
Шмат пісьменнікаў працуе тут заўзята,
Іх усіх не пералічыш ты ў голас…
Лепшы ж для мяне заўсёды – Колас!
На Палессе ён да сябра прыязджаў,
Ў Лунінцы паэму “Сымон-музыка” пісаў,
Твор пра лёс гаротны… Быццам завяшчаў,
Каб чытаючы, дабрэйшым кожны стаў.
І кнігу “Новая зямля” – бясцэнны дар,
У спадчыну народу пакінуў нам Пясняр,
А “вобразы мілыя роднага краю”
Убачу – і Коласа заўжды ўспамінаю…
Рэната Чарнавокая
Дарога да бацькоўскага парога
“Мой родны кут, як ты мне мілы,
Забыць цябе не маю сілы…”.
Да шчасця, й мне бліжэй дарога,
Што да бацькоўскага парога.
Яна саткана з гонкіх соснаў,
Ад вышыні якіх мне млосна,
З бярозак, клёнаў і таполяў,
Што палюбіць навечна здолеў;
З азёр блакітных і празрыстых,
Да глыбіні заўсёды чыстых,
Дзе святы шчыра адзначаем
І дзе “душою спачываем”.
Усланы гэты шлях палямі
І каляровымі лугамі,
Буслянскай стромкай над страхою
І над тваёю, і маёю.
Бывае, з краю ад’язджаю,
Ды гэтых слоў не забываю,
Пра “родны кут”, такі “мне мілы”,
Забыць які не хопіць сілы…