Архіў навін - СШ №2 г.Лунинца
Памер шрыфту
A- A+
Iнтэрвал памiж лiтарамі
Каляровая схема
A A A A
Дадаткова

Архіў навін

17.10.22

Сумесны праект рэдакцыі «Лунінецкія навіны» і сярэдняй школы №2 Лунінца

«Пачынаецца ўсё з любові…» Паэтычным радком можна адлюстраваць сэнс адказу на пытанне, якія якасці неабходны журналісту. Сустрэчы з чытачамі – адна з даўніх традыцый газеты. У панядзелак, 17 кастрычніка, яна была ўдвая святочнай. У дзень нараджэння раёнкі супрацоўнікоў «ЛН» віталі ў СШ №2 г. Лунінца – партнёраў аб’яднала сумесная справа.

Рэдакцыя падрыхтавала для школы праект «Літаратурная Лунінеччына» – змястоўныя стэнды аформлены ў філалагічных кабінетах. Прэзентацыю правялі вучні. Цікава было слухаць дзяцей розных узростаў, якія знаёміліся самі і знаёмілі прысутных з краязнаўчым багаццем малой радзімы. У праекце паспяхова дэбютавалі 11-класнікі Аляксандр Рылач і Вікторыя Ёвіч, 9-класнікі Ксенія Жэленгоўская, Марыя Кацуба, Іван Рафаловіч, Ліліяна Буднік, Валерыя Паўловіч, 8-класнікі Максім Жук, Марыя Ярмольчык, Дзмітрый Варварскі і Раман Данілевіч, 7-класнікі Алеся Барысава, Марыя Віднікевіч, Раман Савіч, 6-класніцы Ліза Калянковіч і Марыя Вабішчэвіч.

Намеснік дырэктара школы Наталля Бойка падзякавала рэдакцыі «ЛН» за сустрэчу, важную і ў плане прафарыентацыі вучняў, і ў «раскошы чалавечых зносін» з педагогамі. Яна адзначыла:

– Адлюстраванне сямі фрагментаў «Літаратурнай Лунінеччыны» ўяўляе сем колераў вясёлкі, што своеасаблівым мостам злучае розныя паселішчы роднай зямлі. Наш край асветлены прамянямі таленту землякоў. Многія пісьменнікі і паэты працавалі ў рэдакцыі раённай газеты, так ці інакш удзельнічалі ў лёсе выпускніка-1968 нашай школы Мікалая Калінковіча. Кароткае жыццё і доўгая памяць нат-хняюць нас на новыя стваральныя справы.

Навукова-даследчая праца будзе працягвацца, што радуе абодва бакі. Аб гэтым ішла размова ў другой частцы сус-трэчы. Супрацоўнікі газеты і шматгадовы пазаштатны аўтар «ЛН», ветэран педагагічнай працы Наталля Казанкова адказалі на пытанні вучняў філалагічных класаў.

Адметныя даты і падзеі падмацаваны падарункамі. З нагоды 83-га дня нараджэння газеты журналістам уручаны торт, выпечаны майстрыхамі школьнай сталовай. Юныя экс-курсаводы атрымалі ручкі і блакноты ад калектыву «ЛН» з пажаданнем накіроўваць у газету свае ўражанні. Можа, першая публікацыя стане тым крокам, што вызначыць далейшы шлях у творчую прафесію? Галоўнае – захаваць любоў: у тым, што гаворыш, што пішаш, што робіш.

Таццяна Канапацкая.

Фота Аляксандра Коўкі

Сумесны праект рэдакцыі "Лунінецкія навіны" і сярэдняй школы №2 Лунінца (lnc.by)